МІ́НСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,
1) навучальная ўстанова ў 1914—18. Засн. 1.7.1914 у Мінску. У вер. 1915 эвакуіраваны ў Яраслаўль, дзе працаваў да вер. 1918. Рыхтаваў настаўнікаў для вышэйшых пач. вучылішчаў. Тэрмін навучання 3 гады. Утрымліваўся за дзярж. кошт. Напачатку прымаліся асобы мужчынскага полу правасл. веравызнання з 2-гадовым стажам настаўніцтва. Пасля скасавання паліт., рэліг., нац. і інш. абмежаванняў прымаліся асобы абодвух полаў. Уведзена спецыялізацыя ў падрыхтоўцы настаўнікаў, уключаны новыя дысцыпліны (палітэканомія, філасофія, сацыялогія і інш.), выпускнікі ін-та мелі права паступаць ва ун-ты. У розны час у ін-це вучыліся С.Г.Булат, В.С.Гарбацэвіч, В.Р.Камлюк, М.І.Каспяровіч, М.І.Мароз, А.В.Сташэўскі, В.Сташэўскі, К.Станкевіч, М.Чарот і інш. 30.12.1918 рэфармаваны ў Мінскі беларускі педагагічны інстытут.
2) Навуч. ўстанова пры Мінскім пед. ін-це ў 1936—55 (з 1947 у Маладзечне, наз. Маладзечанскі настаўніцкі ін-т). Рыхтаваў настаўнікаў для 5—7-х класаў агульнаадук. школ. Тэрмін навучання 2 гады.
У.В.Ляхоўскі.
т. 10, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)